ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ ЎДАР,

хуткая змена ціску вадкасці ў трубаправодзе пры раптоўнай змене скорасці яе руху. У трубаправодах распаўсюджваецца ў выглядзе пругкай хвалі; можа выклікаць аварыі трубаправода. Для іх прадухілення ўстанаўліваюць ахоўныя прыстасаванні (засцерагальныя клапаны, ураўняльныя рэзервуары, паветраныя каўпакі і інш.). Гідраўлічны ўдар выкарыстоўваюць і для карысных работ, напр. у гідраўл. таранах для пад’ёму вады на выш. да 50 м. Тэорыя гідраўлічнага ўдару распрацавана М.Я.Жукоўскім.

Да арт. Гідраўлічны ўдар: схема гідраўлічнага тарана (1 — верхні бак; 2, 6 — трубаправоды; 3 — напорны каўпак; 4, 5 — клапаны; 7 — крыніца; h — вышыня падзення вады; H — вышыня пад’ёму вады).

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)